Алесь Сцяпанавіч Разанаў – беларускі пісьменнік і перакладчык, вядомы як паэт-наватар, аўтар новых паэтычных форм. Нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
У 1966 годзе А. Разанаў паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе правучыўся тры гады. Паралельна з вучобай працаваў ліцейшчыкам на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. Пасля перавёўся ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя A. С. Пушкіна, які закончыў у 1970 годзе. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў вёсцы Кругель Камянецкага раёна, з 1972 года ў Мінску – літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», з 1974 года — рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура», з 1994 года – у часопісе «Крыніца».
З вершамі ў друку Алесь Разанаў выступіў у 1961 годзе. У першым паэтычным зборніку «Адраджэнне» (1970) пераважалі адраджэнскія настроі, услаўляліся героі беларускага мінулага, замежныя вучоныя і пісьменнікі, адкрывальнікі новага, утапісты і змагары. У наступным зборніку вершаў «Назаўжды» (1974) выявіўся яго пошукавы характар, схільнасць да паэтычнага эксперыменту, павышаная ўвага да філасофскіх праблем. 3 гэтага часу з імем Алеся Разанава звязваецца ўяўленне аб інтэлектуальнай плыні ў беларускай паэзіі.